КАМЕ́ННЫЯ БА́БЫ,

старажытныя каменныя выявы чалавечых фігур, звязаныя з культам продкаў. Сустракаюцца пераважна ў стэпавай паласе Еўропы і Азіі, ад Прыкарпацця да Манголіі. Зроблены ў тэхніцы рэльефу, барэльефа, скульптуры, выш. 1—4 м. Вядомы К.б. бронзавага веку, скіфа-сармацкага часу ў Прычарнамор’і, у цюркамоўных народаў Азіі 4—9 ст. і насельніцтва ўсх. стэпаў ранняга сярэдневякоўя. На тэр. Беларусі вядома каля 10 К.б. 11—13 ст., якія былі завезены для ўпрыгожання паркаў у 18—19 ст. (верагодна, з Прыазоўя). Ва ўсіх фігур рукі складзены на жываце, у руках цыліндрычны кубачак.

Л.У.Дучыц, С.Я.Расадзін.

Каменныя бабы з Дзедзілава (1), Гомеля (2, 3), Крынак (4).

т. 7, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)